То марозам глеба стыне, то цячэ ізноў адліга,
Неба шэрае, а снег брудны з плямамі індыга. "Гэта быў нялёгкі год", "Гэтым разам год за дзесяць" -
Шчыра кажучы задрала гэта зноўку чуць, аж бесіць!
Па калечнасці жыцця мы абнавілі нарматывы,
Хаця дзе навогул год, што для ўсіх бы быў шчаслівы?
Але трэба ўсё ж прызнаць: гэты год быў як клаака...
Што клаака - проста жопа! Што там жопа - проста срака!
Крок за крокам, дзень за днём мне на плечы цісне стома -
Першы год жыцця здалёку, першы год жыцця не дома,
Год паўнюткі самых розных "першых і апошніх разаў",
Год засохшых парасткаў, год праросшых метастазаў. “Вецер у полі закружыў”, так што хоць лабатамія,
Па тэсцікулах ментальна прыляцела - мама мія!
Ладна, гендэрных метафар можна было менш рабіць,
Але што ў каго баліць, той пра тое і нудзіць.
А баліць мне шмат за што, дзе я корч быў і слабак,
За кіеўскіх сяброў, якім ў лютым напісаў: "ты як?", -
І цягам году не званіў, быццам правялі мяжу,
Глядзеў толькі, хто ёсць анлайн - быццам што я ім скажу?
Больш баліць за тых, каму не "якнуў" летась нават так,
І мы як соль, што па ўсім свеце з неба раскідаў чумак,
За тых хто з'ехаў за мяжу і шукае новы дом,
І больш не вернецца назад - дзень добры, барев дзэс, шалом.
Баліць за Саню Сідарэнка, з кім у Графіці ліў пот,
У Сані нарадзіўся сын, а Саня сеў на 8 год.
Балюча за лексічную метамарфозу слова "буча" -
Кплівенькі размоўны слэнг, які цяпер гучыць балюча.
Але ёсць яшчэ агенчык, што падаграе планету,
Мой настрой святочным робяць не прагнозы гідрамету.
Як у самай найбанальнай меладраме з Галівуду,
Я сяджу як Джулі Робертс і ўпарта прагну цуду.
Мая вера ў цуды закалілася ў катлаване
На нянавісці, любові, крыўдзе, болю і каханні.
Хай ўсё дома будзе добра, хай зацягваюцца раны,
Помсты й доўгай памяці аб тых, чыі парвалі планы.
Хай апошнія танцоры танчаць недзе па-над Cожам.
Не загоіцца, дык дай бо мо хаця б прывыкнуць зможам.
Бі, пакуль ёсць сілы біць! Грэй, каб маразы не з’елі!
Хай баліць, пакуль баліцца! Плач, пакуль ёсць слёзы ў целе!
Тиха ніч, свята ніч!
Ясність б'є від зірниць.
У свята вельмі просты склад, простыя інгрыдыенты.
Гэта дзеці, што ў цяпле распакоўваюць прэзенты,
Свята - гэта не баяцца, што пагрукаюць у дзверы,
Каб патэльняй катаваць за бел-чырвоныя шпалеры.
Свята - не кантраляваць у што абуты ногі,
Каб хутчэй быць ў бомбасховішчы пад гук паветранай трывогі.
За вакном усё спакойна, як перад адлігай ціша,
А з левабярэжжа сябра мне галасавуху піша:
Каб Каляды падвасэліць і мяне павіншаваць,
Ён спявае ціха-ціха, бо “відбій та брати сплять”.
